Дек 04

3 снежня ў краінах Еўрасаюза ўступаюць у сілу новыя правы пасажыраў цягнікоў, паведамляе прэс-служба Еўракамісіі

З гэтага дня пасажыр, цягнік якога спазніўся на 60 і больш хвілін, мае права атрымаць 25% кошту білета. У выпадку двухгадзіннай затрымкі кампенсацыя ўзрастае да 50%. Пры гэтым мінімальная велічыня кампенсацыі складае 4 еўра. Чыгуначныя кампаніі абавязаны выплачваць кампенсацыю наяўнымі сродкамі.

Кампенсацыя за згублены або пашкоджаны багаж можа скласці да 1 тыс. 285 еўра за чамадан. Мінімум, на што можа разлічваць сям’я які загінуў у цягніку, - 21 тыс. еўра.

Зараз Еўракамісія разглядае новыя нормы для абароны правоў тых, хто падарожнічае аўтобусам і водным транспартам. Гэтыя дакументы павінны ўступіць у сілу ў 2010 годзе.

Як БелаПАН паведамляў раней, у канцы лістапада Еўрапейскі суд пастанавіў, што пасажыры, вылет самалёта якіх затрымліваецца больш чым на тры гадзіны, маюць права на такую ж грашовую кампенсацыю, як і ў выпадку поўнай адмены рэйса, - 600 еўра.

Пасажыры, чый рэйс быў адменены незадоўга да вылету, атрымліваюць права патрабаваць кампенсацыю, нават калі авіякампанія дала ім магчымасць ляцець іншым самалётам на тры і больш за гадзіну пазней.